А́НГЛА-РАСІ́ЙСКІЯ ПАГАДНЕ́ННІ 1873, 1885, 1907 пра размежаванне сфер уплыву на Сярэднім Усходзе. Пагадненне 1873 аб «буферным» поясе ў Сярэдняй Азіі — вынік міжурадавых перагавораў у кастр. 1872 — студз. 1873. Размежавала сферы ўплыву Расіі і Вялікабрытаніі ў Сярэдняй Азіі і вызначыла паўн. граніцу афг. эмірата па р. Амудар’я. Пагадненне 1885 аб размежаванні афганскіх уладанняў падпісана ў Лондане 10 верасня. Урэгулявала рас.-афг. канфлікт 1885, выкліканы далучэннем Туркменіі да Расіі і звязаны з сутыкненнем рас. і афг. войскаў пры Ташкепры (на Пн ад Кушкі). Пагадненнем вызначаны склад англ.-рас. размежавальнай камісіі, якая ў 1887 устанавіла новую рас.-афг. граніцу па левым беразе Амудар’і. Пагадненне 1907 аб размежаванні інтарэсаў у Іране, Афганістане і Тыбеце падпісана 31 жн. ў Пецярбургу. Паводле яго Іран быў падзелены на тры зоны: паўн. (рас.), паўд. (англ.) і нейтральную — паміж імі; Расія фактычна прызнала брыт. пратэктарат над Афганістанам (пры ўмове непадзельнасці яго тэрыторыі); бакі прызнавалі тэр. цэласнасць і ўнутр. кіраванне Тыбета. Пагадненне практычна ўключала Расію ў Антанту; анулявана ўрадам Сав. Расіі ў студз. 1918.
т. 1, с. 346
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)